A R C H E П а ч а т а к № 1 (21) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12002
» да Зьместу «

 


Часопіс для ўсіх
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ
Вокладка ARCHE 1-2002.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Валерка Булгакаў
 
 
Пагібель “беларускіх пісьменьнікаў”


Падзеяй, якая кардынальна зьмяніла культурную сытуацыю ў краіне, стала аб’яднаньне літаратурна-мастацкіх часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Крыніца”, “Всемирная литература” і тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, выдаваных за дзяржаўныя грошы, у адзіны дзяржаўны голдынг “Літаратура і мастацтва”.

Аб’яднаньне суправаджалася заменай галоўнага рэдактара часопісу “Полымя” Сяргея Законьнікава на дагэтулешняга супрацоўніка выдавецтва “Мастацкая літаратура” Міколу Мятліцкага, галоўнага рэдактара “Маладосці” Генрыха Далідовіча на паэтку Раісу Баравікову, галоўнага рэдактара “Нёмана” Алеся Жука на лукашэнкаўскую радыёпрапагандыстку Ніну Чайку, масавымі звальненьнямі, а таксама выразнай зьменай рэдакцыйнай палітыкі ў тых выданьнях, дзе былі зьмененыя галоўныя рэдактары. Холдынг “Літаратура і мастацтва” ўзначаліў дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, якому ўдаецца сумяшчаць камуністычныя пагляды з асабістай адданасьцяй Лукашэнку.

Гэтыя захады, напэўна, высьпявалі даўно. Толькі летась, у год прэзыдэнцкіх выбараў, зрэалізаваць іх не выпадала, бо гэта нарабіла б шкоды выбарчай кампаніі Лукашэнкі, адштурхнула б ад яго частку выбарцаў. Адно калі прагучалі апошнія акорды выбарчых баталіяў, надарыўся зручны момант для рашучых дзеяньняў. Іх аб’ектам сталі ня толькі літаратурна-мастацкія часопісы, гісторыя некаторых зь якіх налічвае амаль стагодзьдзе, але і іхны фармальны заснавальнік — Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Яму было спыненае бюджэтнае фінансаваньне, што выклікала ў гэтай установе арганізацыйны хаос, пацягнула за сабой рэзкія выпады асобных штатных работнікаў супраць яе старшыні раманісткі Вольгі Іпатавай. Паралельна ўладамі быў агучаны плян ператварэньня сямёх менскіх дзяржаўных выдавецтваў у тры: зь ліпеня выдавецтвы “Полымя” і “Ўраджай” далучаюцца да “Беларусі”, “Юнацтва” — да “Мастацкай літаратуры”, “Унівэрсытэцкае” — да “Вышэйшай школы”.

Першыя рэакцыі ў дэмакратычных СМІ наўздагон гэтым падзеям у асноўным зводзіліся да таго, што лукашэнкаўцы так зводзяць рахункі зь беларускімі пісьменьнікамі, бо апошнія ператварыліся ў іх палітычных праціўнікаў, генэруючы ідэі і творачы мастацкія здабыткі, небясьпечныя для цяперашняга палітычнага ладу ў цэлым і праводжанай ім культурнай палітыкі ў прыватнасьці.

Думаецца, у гэтым меркаваньні крыецца толькі доля праўды. Сапраўды, тое самае “Полымя” друкавала прозу апальнага Васіля Быкава або вершы Ўладзімера Някляева, які сваёй неспадзяванай эміграцыяй на Захад выклікаў шэраг скандалаў у пісьменьніцкім асяродзьдзі. Аднак ёсьць і адваротны бок мэдаля: апошнія гады літаратурныя выданьні перажывалі крызыс, страчваючы дасягнутае раней. Зьмяншаўся іх фармат, пагаршалася паліграфічная якасьць, падаў наклад і зьніжалася колькасьць перадплатнікаў. Рэдакцыі гэтых выданьняў былі шчыра перакананыя ў тым, што дзякуючы паважнаму веку рэдагаваных імі выданьняў апошнія набылі статус “сьвятарнае каровы” беларускае культуры. І замест таго каб шукаць новых формаў дыстрыбуцыі часопісаў, павышаць іх самаакупнасьць і пашыраць чытацкую аўдыторыю, да апошняга чапляліся за дзяржаўную падтрымку. Няма нічога дзіўнага ў тым, што нарэшце за гэтую падтрымку давялося заплаціць вялікую цану.

(нар. 1974) — галоўны рэдактар часопісу “ARCHE”, укладальнік і рэдактар аналітычных зборнікаў “Палітычная сыстэма Беларусі і прэзыдэнцкія выбары 2001 году” (2001), “Беларуска-расійская інтэграцыя” (2002), Збору твораў Яна Станкевіча (“ARCHE”—“Энцыклапедыкс”, 2002). Апошняя ягоная публікацыя ў часопісе — артыкул “Дэмакратычная апазыцыя ў пошуках саюзьніка” (№ 6-2001).
   

Таму ў канфіскацыі літаратурна-мастацкіх выданьняў лукашэнкаўцамі мы бачым ня столькі іхную помсту сваім палітычным праціўнікам, колькі сьведчаньне крайняй слабасьці пісьменьніцкага асяродзьдзя, добра ўсім вядомых беларускіх пісьменьнікаў, а таксама Саюзу пісьменьнікаў, які адвеку выступаў мэдыюмам паміж палітычным кіраўніцтвам краіны і літаратурным асяродзьдзем. Невыпадкова гэтая канфіскацыя ня выклікала хоць якіх палітычных праблемаў для рэжыму.

Імклівая дэвальвацыя сацыяльна-палітычнай вагі гэтага асяродзьдзя суправаджаецца стратай сацыяльнага прэстыжу прафэсіі “беларускага пісьменьніка”, перад якім найчасьцей стаіць такая дылема: або зрабіцца правадніком Лукашэнкавай ідэалёгіі ў масах, працягваючы тым самым сваё паразытычнае існаваньне, або стаць ёй у апазыцыю, аддаўшыся на волю лёсу.

* * *

Беларускае грамадзтва, нават у абліччы сваёй палітычна актыўнай часткі, амаль не заўважыла гэтай вялікай падзеі ў культурным жыцьці краіны. Мы так і не дачакалі супольнай заявы палітычных партыяў з гэтай нагоды або выступаў дзеячоў “трэцяга сэктару”. З аднаго боку, гэтая халодная абыякавасьць сьведчыць, што кадравыя перастаноўкі ў рэдакцыйным актыве літаратурных выданьняў выклікалі адно ўнутрыгаліновы крызыс, закрануўшы вузкае асяродзьдзе беларускіх пісьменьнікаў, якое засталося сам-насам з сваёй крыўдай. З другога боку, гэта наводзіць на думку, што палітычныя і грамадзкія лідэры нашай краіны па-ранейшаму не разумеюць важнасьці цяперашніх культурных працэсаў для палітычнай будучыні нацыі.

Нішто так ня лучыць беларускіх пісьменьнікаў зь беларускімі палітыкамі дэмакратычнай арыентацыі, як вузкасьць і неразьвітасьць, адпаведна, літаратурнага і палітычнага рынку ў краіне. Асноватворная праблема беларускіх пісьменьнікаў, якая спараджае ўсе меншыя, палягала і палягае ў тым, што іх творчасьць доўгі час была падпарадкаваная не чытацкім густам і, як вынік, не вымогам літаратурнага рынку, а прыхамацям ідэалягічных работнікаў, якія сьпярша сядзелі ў кабінэтах ЦК, а цяпер атабарыліся ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. У беларускай літаратуры другой паловы XX стагодзьдзя немагчыма вылучыць хоць колькі арыгінальных мастацкіх школаў ці кірункаў. Творы яе найбуйнейшых прадстаўнікоў, за рэдкімі выняткамі, ствараліся ў эстэтыцы, якую ўмоўна можна вызначыць як рустыкальную мяшанку пострамантызму з прэмадэрнізмам. Дый як можна гаварыць пра залежнасьць беларускіх пісьменьнікаў ад тагачаснага літаратурнага рынку, калі іх асабісты дабрабыт — прадмет чорнай зайздрасьці іх некаторых сёньняшніх наступнікаў — ніяк не залежаў ад таго, як добра прадаваліся напісаныя імі кнігі і ці прадаваліся наагул. Праўдзівай зарукай гэтага дабрабыту было ўменьне дагаджаць палітычнаму кіраўніцтву краіны, мацаваць вызначаны ім палітычны курс. Асабліва шчодра камуністычны рэжым фінансаваў літаратурныя колы тады, калі ў савецкім інфармацыйна закрытым, таталітарным грамадзтве яшчэ не было новых сродкаў масавай інфармацыі, перадусім электронных мас-мэдыяў, і таму пісьменьніцкі талент сапраўды ўплываў на грамадзкую думку.

Паколькі ўнутраны літаратурны рынак існаваў у зародкавым стане, а завышаны, часам нічым не абгрунтаваны сацыяльны статус пісьменьніка дасягаўся паразытычным прыстасаваньнем да палітычнай кан’юнктуры, пісьменьніцкае асяродзьдзе прадукавала тэксты, якія часта не знаходзілі свайго спажыўца, бо ня мелі рэальнай рынкавай вартасьці.

Што ж датычыць дэмакратычных палітыкаў і айчыннага палітычнага рынку, то паміж імі таксама часта не назіраецца адносінаў адпаведнасьці. З-за адсутнасьці рэальнай сацыяльнай базы дэмакратычнай апазыцыі яе лідэры, каб дабіцца палітычнага выжываньня і асабістага дабрабыту, былі вымушаныя ісьці на крокі, прадыктаваныя не патрэбамі і інтарэсамі беларускага грамадзтва, а кабінэтнымі стратэгіямі некаторых ананімных аўтараў. У гэтым — карані невытлумачальных і немагчымых на першы погляд палітычных альянсаў і выбарчых кааліцыяў. Адначасна залежнасьць ад гэтых абстрактных стратэгіяў прывучае дэмакратычных лідэраў да безыніцыятыўнасьці, бязвольнасьці і слабахарактарнасьці. Навошта праяўляць ініцыятыву там, дзе твая роля ўжо загадзя зацьверджаная і наперад прапісаная? Аднак, згадзіўшыся на такую ролю, палітычны лідэр аўтаматычна робіцца паразытам на палітычнай кан’юнктуры. Між тым яго звышзадача — быць не староньнім назіральнікам за палітычнай сытуацыяй і тым больш не яе закладнікам, а тварыць палітыку, прышчапляць палітычна актыўным масам сугучныя часу вартасьці.

Сацыяльныя спадзяваньні як пісьменьніцкага асяродзьдзя, так і асяродзьдзя дэмакратычных сілаў надзіва супадаюць. Магчыма, таму, што і першыя, і другія растуць з аднаго кораня?

 
   

* * *

Заняпад “беларускіх пісьменьнікаў” (тутака мы выкарыстоўваем словазлучэньне “беларускі пісьменьнік” як тэрмін для пазначэньня асобы, якая валодала наступнымі адзнакамі: а) мела прафэсію літаратурнага работніка, б) належала да Саюзу пісьменьнікаў, в) кульмінацыя яе творчай актыўнасьці прыпала на 30—90-я гады XX ст., г.зн. часу найбольшых інвэстыцыяў савецкага ўраду ў літаратуру) пачаўся з развалам савецкай імпэрыі і здабыцьцём Беларусяй незалежнасьці. Тады ўпершыню за дзесяцігодзьдзі зьявіліся цяжкасьці з рэгулярным выхадам часопісаў і бесьперабойнай выплатай ганарараў аўтарам. Храналягічна гэты час супадае з дэмантажом савецкага таталітарнага грамадзтва і яго заменай сьпярша на беларускую дэмакратыю ў духу Кебіча—Шушкевіча, а пасьля — на беларускі аўтарытарызм, умацаваны жалезнымі лапамі Аляксандра Лукашэнкі. У гэтую пару разбураецца падмурак, на якім трымаўся гмах беларускай савецкай літаратуры, — дзяржаўны заказ на творы беларускіх пісьменьнікаў. Яны пачынаюць уголас наракаць на рэзкае падзеньне дабрабыту. Згадваецца, як Іван Шамякін публічна жаліўся, што яму няма за што купіць шкарпэткі.

Крах савецкага камунізму быў першым паважным ударам па літаратурнай інфраструктуры ў Беларусі ў выглядзе Саюзу пісьменьнікаў і літаратурна-мастацкіх выданьняў, заснавальнікам якіх выступала гэтая арганізацыя. Адгэтуль для беларускіх пісьменьнікаў пачынаецца чорная паласа. На фоне рэзкага спаду дзяржаўнай падтрымкі літаратурнае працы некаторым зь іх здаецца, што найлепшым адказам на паўсталыя выклікі будзе асваеньне параўнальна новай для беларускага грамадзтва нацыяналістычнай рыторыкі. Былыя “інжынэры чалавечых душ” неспадзеўна паўстаюць у новай ідэалягічнай інкарнацыі — у абліччы трыбунаў нацыі, палымяных прапагандыстаў беларушчыны. Але далёка ня ўсім зь іх даспадобы гэтае аблічча, і таму з “умацаваньнем антынароднага рэжыму” адбываецца чарговы раскол пісьменьніцкага асяродзьдзя. Прагматыкі накшалт Георгія Марчука, Генадзя Пашкова, Алеся Савіцкага або Івана Карэнды лічаць за гонар пайсьці на службу Лукашэнку, тым часам як рамантыкі-трыбуны на чале зь Нілам Гілевічам, Генадзем Бураўкінам і Рыгорам Барадулінам уважаюць сваім грамадзянскім абавязкам кляйміць дзе толькі ёсьць змога антыбеларускі рэжым. Дарма што “трыбунам” удаецца захаваць маральны ўплыў на частку літаратурна-мастацкіх выданьняў, дарма што існуе Беларускі ПЭН-цэнтар, уплыў пісьменьнікаў на грамадзкую думку застаецца мізэрным, а залежнасьць ад дзяржаўных рэсурсаў блізіцца да абсалютнай.

Як гэта ні парадаксальна, але акурат дзякуючы няздольнасьці ўплываць на грамадзкую думку падчас значнай дывэрсыфікацыі інфармацыйных патокаў канфіскацыя літаратурна-мастацкіх выданьняў адбылася так позна, на восьмы год Лукашэнкавага кіраваньня.

 
   

* * *

“Заняпад” і “пагібель” беларускіх пісьменьнікаў азначае зусім не зьнікненьне іх як зьявы ў грамадзка-культурным жыцьці краіны, а іх “функцыянальную сьмерць” як важнага элемэнту дзяржаўнай прапаганды. Беларускім пісьменьнікам гэта дае шанец нарэшце заняцца творчасьцю, бо палітычнае кіраўніцтва паставіла сыстэму прапаганды на больш прафэсійны ўзровень, выкарыстоўваючы для яе самыя эфэктыўныя мэдыі — тэлевізію і радыё. Як некалі раней беларускія пісьменьнікі, сёньня афіцыйныя прапагандысты цешацца высокім стандартам жыцьця. Повязь эпохаў праяўляецца ў драбніцах: як паўстагодзьдзя таму савецкі ўрад уручаў Петрусю Броўку ордэр на сяміпакаёвую кватэру ў былым Доме Саветаў на скрыжываньні вуліц Леніна і Маркса, так цяпер лукашэнкаўская адміністрацыя выдзяляе заслужанаму работніку беларускага тэлеэкрана Аляксандру Зімоўскаму шыкоўную чатырохпакаёвую кватэру ў высотным доме на вуліцы Чкалава, рынкавы кошт якой набліжаецца да астранамічных лічбаў.

Найбольш балюча пагібель беларускіх пісьменьнікаў ударыць па тых, хто год за годам скрупулёзна вывучаў іхную творчасьць, г.зн. на акадэмічных літаратуразнаўцах. Зьнікненьне нават бачнасьці літаратурнага працэсу ў Беларусі — калі часопіс “Нёман” друкуе выступы Лукашэнкі, а часопіс “Полымя” зьмяшчае заклікі да Першамаю — выракае іх на хранічнае творчае галадаваньне і канчатковае абяскроўліваньне. Ня будзе нічога неспадзяванага, калі па заканчэньні рэформы сыстэмы акадэмічнай навукі Інстытуты літаратуразнаўства, мовазнаўства, этнаграфіі і фальклёру будуць аб’яднаныя ў адну ўстанову — які-небудзь “Інстытут беларускай культуры”, дырэктарам якога прызначаць якога-небудзь Віктара Чыкіна.

 
   

* * *

Канфіскацыю літаратурна-мастацкіх выданьняў лукашэнкаўцы прыкрывалі рыторыкай, сэнс якой зводзіўся да таго, што пісьменьніцкае асяродзьдзе ператварылася ў гнайнік на целе беларускага грамадзтва. Савецкая ўлада, маўляў, расьпесьціла і разбэсьціла пісьменьнікаў, прывучыла іх да танных пуцёвак у крымскія дамы адпачынку і казачных барышоў у выглядзе дзяржаўных прэміяў. Цяпер, калі эканоміка ў нас лібэральная, усяго гэтага ня будзе, — падводзілі вынік яны.

Так, безумоўна, пісьменьніцкае асяродзьдзе сур’ёзна хворае. Нібы прадчуваючы свой хуткі адыход у нябыт, беларускія пісьменьнікі яшчэ дзесяць-дваццаць гадоў таму масава аддаваліся ўсім магчымым чалавечым заганам: прагнасьці да дармовых грошай, машынаў і кватэраў, славалюбству, данасіцельству і запойнаму п’янству, асабістай пысе і небасяжным амбіцыям, а таксама неўтаймоўнай распусьце, якая выражалася ў бязладных палавых сувязях і пазашлюбных дзецях. Не адзін і ня два беларускія пісьменьнікі адначасна мелі некалькі сем’яў. На маральнае раскладаньне наслойвалася пляма нацыянальнай здрады: дзеці такіх беларускіх пісьменьнікаў, як Іван Пташнікаў, ня ўмелі гаварыць па-беларуску.

Тое самае тычыцца і акадэмічнага асяродзьдзя. У сваім сёньняшнім абліччы акадэмічная навука застаецца рэліктам таталітарнай фармацыі. Мэтастазы сталінізму падточвалі самі асновы навуковай дзейнасьці. Пошук і назапашваньне навукова вэрыфікаванай веды замяняўся яе пастаўленым на канвэер фальшаваньнем, дагматычным адстойваньнем рэакцыйных ідэалягем. Цяжка нават ацаніць тую шкоду, якую сваёй лексыкаграфічнай працай нанёс беларускай мове Інстытут мовазнаўства імя Кандрата Крапівы. Некаторыя інстытуты з сыстэмы НАН Беларусі, асабліва гуманітарнага профілю, фактычна зрабіліся адстойнікамі квазінавуковых праграмаў і канцэпцыяў недалёкага савецкага мінулага. Характар іх неадэкватнай часу дзейнасьці недвухсэнсоўна сьведчыць, што сутнаснага абнаўленьня беларускай гуманітарнай навукі так і не адбылося.

Разам з тым, рыторыка лукашэнкаўцаў выкрывае толькі павярхоўныя праявы крызысу, які апанаваў пісьменьніцкае асяродзьдзе. Глыбіннай жа прычынай “пагібелі беларускіх пісьменьнікаў” зьяўляецца адсутнасьць у краіне легітымізаванай дзяржавай сыстэмы рэпрадукцыі нацыянальнай культуры, у прыватнасьці, брак сыстэмы нацыянальнай (беларускамоўнай) адукацыі. Пакуль у краіне ня будзе нацыянальнай школы і нацыянальнага ўнівэрсытэту, расійская культура ў Беларусі будзе захоўваць статус масавай, беларуская — элітарнай, а беларускія пісьменьнікі любой масьці будуць лунаць у беспаветранай прасторы, як матылькі падчас віхуры. Толькі радыкальнаму постмадэрністу гэткае становішча можа падацца дарам Божым.

 
   

* * *

Першую перамогу над беларускімі пісьменьнікамі лукашэнкаўцы адсьвяткавалі яшчэ ў 1995 годзе, калі на ўсенародным рэфэрэндуме яны дамагліся скасаваньня беларускіх нацыянальных сымбаляў і ўвядзеньня расійскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай. Беларускія пісьменьнікі нясуць калясальны цяжар адказнасьці за гэтае рашэньне, бо ў сытуацыі адсутнасьці нацыянальнай школы і нацыянальнага ўнівэрсытэту якраз яны для масавай сьвядомасьці заставаліся сымбалічным увасабленьнем беларушчыны, найважнейшым і па сутнасьці адзіным рэальным элемэнтам нацыянальнай традыцыі. Паўзучы канфармізм беларускіх пісьменьнікаў, асабліва калечаньне імі беларускай мовы, ператварэньне яе ў расійска-беларускі жаргон, саслужыў нацыі кепскую службу.

Тое, што перамога лукашэнкаўцаў на рэфэрэндуме 1995 году ў культурным пляне была перамогай над беларускімі пісьменьнікамі, абнадзейвае і адначасна ставіць на парадку дня перад беларускімі культурнымі элітамі пытаньне № 1: выпрацаваць такую рэдакцыю беларускага нацыяналізму, якая б зрабіла ў прынцыпе немагчымым паўтарэньне 1995 году.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (21) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-11-2002